СКА-1938 (Менск) — Старт (Ворша). Прадмова
ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ
За дзевяць тураў да канца першынства менскія „армейцы“ яшчэ змагаюцца за выхад у Вышнюю лігу. У папярэднім туры СКА-1938 быў гарой у сустрэчы ў Пінску супраць „Хвалі“ — 3:1. Аршанцы прагулялі супару менчукоў у заводках за падвышэньне — „Слуцку“ — 0:3.
У сустрэчы першага кола аршанцы „праселі“ за 15 хвілін да канца, і ў выніку атрымалі два галы ад Мірона Карыцькі. Ягоны першы трапны стрэл стаў для СКА 50-м у гульнях з аршанцамі. Цяпер ён з 17 галамі разам з Ільлём Сенем з „Салігорску“ ўзначальвае выперадкі стральцоў. Тая параза 0:2 была сьведчаньнем розьніцы ў клясе камандаў. Гэта пацьвердзілі далейшыя падзеі першынства.
Цяпер стартаўцам трэба правесьці вельмі моцны паядынак, каб забраць пункты ў каманды, якая разьлічвае на выхад на наймацнейшы ровень. СКА адстае ад 1-а месца, дзе стаіць доўбізьнянская „Ніва“, на 4 пункты, таму яму пагатоў патрэбная перамога.
У аршанцаў праз адлучэньне будзе адсутнічаць асноўны цэнтральны абаронца Мікіта Быкаў, якога выдалілі ў папярэднім туры. Зрэшты, ягоны дублёр Мікіта Воўчанка часта выходзіць на замену і мае пастаянную практыку. Дый не было бачна, каб роўнем гульні адзін Мікіта істотна адрозьніваўся ад другога. Супраць вельмі выніковых армейскіх форвардаў у кожным разе было б няпроста.
БАЧЫНА ЛЕТАПІСУ
45 гадоў таму (1981) стартаўцы езьдзілі на выправу ў Берасьце, дзе згулялі ўнічыю 2:2 з „Пэдынстытутам“. Тая гульня была апошняй у першым коне першынства і нічога не вырашала — „пэдагогі“ ўжо ведалі, што трапяць у другі кон з 4-а месца, а аршанцы датэрмінова разьвіталіся з шанцамі пазмагацца за мэдалі.
ЯК БЫЛО?
У прадмове да сустрэчы першага кола мы ўжо пісалі пра нацяжкі і неадпаведнасьці з гісторыі СКА-1938, якія зьмяшчае клюбная старонка ў Сеціве. Часта „армейска-міліцэйскія“ клюбы вельмі залежалі ад пастаянных фармаваньняў-расфармаваньняў з боку ўладаў. Зьмяняліся акругі, гарнізоны, што не прыносіла стабільнасьці. Затое стабільна біла крыніца маладых шпурляроў прызыўнога веку. З клюбам зьвязаныя й лёсы некалькіх знаных аршанскіх гульцоў. Сярод іншых, гэта Манькоўскі, Бірукоў, Леановіч, Шынкевіч.
СКА 8 разоў (больш за ўсіх) станавіўся чэмпіёнам БССР (1934, 1935, 1940, 1946, 1950, 1952, 1964, 1965). Пра гісторыю клюбу ў 2021 годзе выйшла кніга „СКА Минск: на срочной службе у футбола“, дзе пра летапіс менскіх армейцаў можна прачытаць падрабязьней.
Падрахунак процістаяньня стартаўцаў Воршы з армейцамі Менску: 27 сустрэчаў, +5=4-18, 20-51
1964 СКА* — Старт — 5:1
1973 СКА — Старт — 1:0
1973 Старт — СКА — 0:2
2008 Зорка-БДУ — Старт — 3:0
2008 Старт — Зорка-БДУ — 1:2
2009 Старт — Зорка-БДУ — 0:2
2009 Зорка-БДУ — Старт — 2:0
2010 Зорка-БДУ — Старт — 4:0
2010 Старт — Зорка-БДУ — 2:4
2011 Старт — Зорка-БДУ — 1:2
2011 Зорка-БДУ — Старт — 0:2
2012 Зорка-БДУ — Старт — 3:0
2012 Старт — Зорка-БДУ — 0:1
2013 Зорка-БДУ — Старт — 2:0
2013 Старт — Зорка-БДУ — 1:0
2015 Старт — Зорка-БДУ — 3:0
2015 Зорка-БДУ — Старт — 1:0
2016 Старт — Зорка-БДУ — 0:0
2016 Зорка-БДУ — Старт — 0:3
2017 Энэргетык-БДУ — Старт — 1:1
2017 Старт — Энэргетык-БДУ — 1:0
2018 Энэргетык-БДУ — Старт — 4:0
2018 Старт — Энэргетык-БДУ — 0:1
2020 Старт — Энэргетык-БДУ — 1:6
2024 Старт — Энэргетык-БДУ — 2:2
2024 Энэргетык-БДУ — Старт — 1:1
2026 Старт — СКА-1938 — 0:2
*пазначаная назва супара на час правядзеньня сустрэчы. У аршанцаў — заўсёды „Старт“
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Гульня адбудзецца на РЦАП-Стайкі, як цяпер называецца даўно вядомая аршанцам менская арэна на вуліцы Сямашкі. Тут варта пасьмяяцца, згадаўшы размову прадстаўніка СКА з журналістамі і ягоныя словы, што стадыён месьціцца ў цэнтры Менску. І гэта сказаў чалавек, які пражыў у Менску шмат гадоў. Вядома ж, стадыён далёка ад цэнтру, у раёне Пятроўшчына. Сустрэча адбудзецца ў суботу, 26 верасьня. Пачатак а 15-й гадзіне.


Commenti
Posta un commento