Старт (Ворша) — Астравец — 2:3

У гэтай сустрэчы было ўсё, а чырвонай ніткай прайшло дзіўнае судзьдзёўства Кірылы Апановіча зь Менску, які мала трымаў падзеі на полі. Складана гуляць тады, калі судзьдзя не валодае становішчам. Ён не судзіў за „Астравец“, але шэраг рашэньня вёў да няпэўнасьці і разбураў гульню камандаў. Тарбякову перашкаджаюць прабіць безударны свабодны — Апановіч маўчыць. Груба парушаюць правілы супраць Шалычава — жоўтай карткі няма, хоць у менш яўнай сытуацыі ён паказаў жоўтую гульцу „Старту“. Жалезьнікава зносяць — свабоднага няма, другім разам нічога асаблівага няма — Апановіч ставіць на карысьць аршанцаў свабодны. Не зразумець, не прыняць.

У першай палове Жалезьнікаў нярэдка трымаўся ззаду і зь ягонай памылкі астраўчане адкрылі лік — быў няўдалы дотык, па якім шпурляк прыляцеў да нападніка гасьцей. Звыклай вастрыні ад капітана ў гэтай гульні было менш, большую ролю ў пляценьні атак згуляў Александровіч. Ён жа й загнаў прыгожы гол на 51-й хвіліне. Першы ж на рахунку Ціхамірава на 7-й, у выніку разыгранкі кутняга. Кутнія боцы ў першай палове аршанцы выконвалі шматразова, але больш да голу яны не прыводзілі.


Расчароўваюць пэўныя дзеяньні Тарбякова. Мікіта ў адным эпізодзе вынес з карнай за бакавую тады, калі побач нікога не было, і ён бачыў поле. Затым зарабіў жоўтую за гульню рукою ў чужой (!) карнай, калі становішча гэтага ніяк не патрабавала. Ну хоць паўзьдзейнічаў на брамніка ў канцы сустрэчы, гэта ён зрабіў выдатна, карыстаючыся агульным неспакоем, пасеяным разгубленым арбітрам!


Паядынак, як і яго вынік, вельмі нагадаў сустрэчу з БАТЭ-ІІ. Таксама аршанцы шмат атакавалі, і таксама ніяк не заслугоўвалі паразы. Але спалучнасьць дробных чыньнікаў зноў уклалася так, каб не дазволіць аршанцам набраць ані бодкі. Нібы ў нашым прыладзьдзі не стае аднэй шрубоўкі, каб укруціць усё на месца. Зноў папярочка, зноў драбнюткі складнік шанцаваньня для „Астраўца“, а пры пераможным для астраўчанаў голе яшчэ й касалёт ад нашага абаронцы, які дапамог Мацьвею Каліноўскаму агадаць браму былога клюбу.


Крыўдна, што адбыўся чарговы паядынак, у якім „Старт“ заслугоўваў ня менш за бодку. Яшчэ балючэй з прычыны, што ўжо 26-ю гульню запар на сваім полі блакітна-чорныя прапускаюць у сваю браму.


СТАРТ: Валадзькоў, Тарбякоў, Бабчанок, Беразун, Ціхаміраў, Александровіч, Воўчанка, Касьцюковіч (Дамброўскі, 74), Кудзінаў, Жалезьнікаў (к), Шалычаў.


ЛІЧБЫ

Апошняю хатняю гульнёю без прапушчаных галоў у аршанцаў была сустрэча супраць „Слоніму” (3:0), якая прайшла 18 траўня 2025 году. Год і тры з паловай месяцы таму! З таго часу наша дружына прапусьціла ўжо ў 26-м хатнім паядынку запар.


Каманды сустрэліся ў юбілейны, 10-ы раз. „Астравец“ здабыў ужо 6-ю вікторыю над аршанцамі, якія, у сваю чаргу, выгулялі ў астраўчанаў толькі 2 сустрэчы.


Менскі судзьдзя Кірыла Апановіч 5 разоў працаваў на гульнях „Старту“, і ва ўсіх 5 выпадках стартаўцы прагулялі.


Стартаўцы другі раз за сэзон загналі гол на 7-й хвіліне, і зноўку прычынай стаў кутні боц, ізноў у супарах „Астравец“! У першым коле простым ударам з кутняга браму Ўладзіслава Дразда агадаў Мікіта Вехцеў. Гэтым разам гол прыйшоў пасьля падачы кутняга, дзе зь мяжы брамніцкай шпуляк у сетку праціснуў Ціхаміраў.


Сустрэча стала 550-й для „Старту“ за ўвесь час выступленьняў на 2-м роўні першынства незалежнай Рэспублікі Беларусь.


Мікіта Бабчанок выйшаў у кашулі „Старту“ на поле ў 104-ы раз і апярэдзіў Анатоля Каплуна. Цяпер Мікіта на 27-м месцы за ўсю гісторыю клюбу.


Для Мікіты Воўчанкі паядынак з астраўчанамі стаў 127-м у кар’еры за „Старт“ і дазволіў дасягнуць паказьніка калегі ў амплюа Аляксея Казарына. Два цэнтральныя абаронцы цяпер дзеляць 21-е месца ў агульным пераліку.


Іван Беразун зьявіўся на полі за блакітна-чорных у 142-і раз, дагнаўшы Аляксандра Паповіча. Ёсьць 17-е месца за ўсю гісторыю!


Ужо ў 4-й запар гульні „Старту“ і „Астраўца“ гол загналі абодва супары.


Стартаўцы дагэтуль ня могуць перамагчы "атамнікаў" на сваім полі. Абедзьве перамогі над зялёна-белымі заваяваныя ў гасьцях. Пры гэтым блакітна-чорныя ўпершыню загналі астраўчанам на сваім полі больш за адзін гол.

Commenti

Post popolari in questo blog

Кніга „На ‚Старт’ і ў ‚Тэмпе’! Ножны шпурляк на Аршаншчыне“! Дзе купіць?

Слонім — Старт (Ворша). Прадмова

Грошы і Ворша. Архівы пра грошы ў аршанскім ножным шпурляку