Кубак Беларусі. 1/8 фіналу. Старт (Ворша) — БАТЭ. Прадмова
ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ
Барысаўчане ў вельмі цяжкім становішчы. Напярэдадні кубкавай гульні ў іх быў „час Х“, і яны вытрымалі выпрабаваньне, перагуляўшы жодзінскае „Тарпэда“ 1:0 дзякуючы голу з карнага боцу на 89-й хвіліне. Але змаганьне ў завыжыванцы для БАТЭ ня скончанае. Ніколі яшчэ барысаўскі клюб з часоў выхаду ў Вышнюю лігу ў сярэдзіне 1990-х ня быў так блізка да расстаньня зь ёй.
Трыбуны „Барысаў-Арэны“ запаўняюцца сьціпленька. Славалюбы з усіх куточкаў Беларусі, у тым ліку Воршы, у лігачэмпіёнскія часы БАТЭ любілі засьведчыць гэттай камандзе сваю любоў, купіць шалік, пахваліцца ў сацыяльных сетках заўзіманьнем за Барысаў. Але нават тады на гульні нацыянальнага першынства ледзь зьвярталі ўвагу. Што ж казаць, калі надышлі цяжкія часы для каманды Капскіх. Зрэшты, з такіх людзей можна толькі пасьмяяцца, яны прыхільнікі перамог, а ня клюбу, і такія ёсьць паўсюль.
У І лізе аршанцы сёлета сустракаліся з дублёравым складам БАТЭ, які нічога якаснага не паказвае і туляецца ў хвасьце табліцы. Сустрэча з асноўнай дружынай „жоўта-сініх“ — зусім іншая справа.
Аршанцы свае пытаньні ў І лізе вырашылі, захавалі там месца, а цяпер яшчэ перамаглі тройчы запар. У кубкавай гульні, хоць розьніца ў клясе відавочная, нічога ня цісьне на аршанцаў. Ні адказнасьць за вынік, ні іншыя задачы. Таму, спадзяемся, каманда Дзьмітрыя Суздальцава пакажа ўсё на што здольная і паспрабуе прабіцца ў ¼ фіналу. Гучыць як казка, але калі ў казкі ня верыць, тады на поле можна не выходзіць.
Сёлета ў БАТЭ зьмяніліся ўжо тры трэнэры! Пачынаўся год з Арцёмам Канцавым. Нягледзячы на заваяваны Кубак краіны, калі ў фінале ў сэрыі 11-мэтровых барысаўчане перамаглі менскае „Дынама“, Канцавога звольнілі. За гэта кіраўнік БАТЭ Капскі-малодшы атрымаў шмат крытыкі і непрыхавана злых словаў. Іншы вядомы ў мінулым гулец клюбу — Віталь Рагожкін — зьмяніў Канцавога, але ў канцы кастрычніка й ён пашоў у адстаўку. Цяпер з камандай працуе расеец Арцём Кулікоў.
Яскравых постацяў у цяперашнім БАТЭ няма, хоць нацыянальны склад вельмі стракаты — у заяўцы клюбу шпурляры з Францыі, Берагу Слановай Косткі, Чарнагорыі, Расеі. Але сярод гэтага „інтэрнацыяналу“, бадай, няма надта заўважных імёнаў. А зоркамі з дапушчэньнем можна назваць якраз беларусаў Уладзіслава Вараксу, Ягора Крэса, Арцёма Рахманава. Зрэшты, усё гэта вельмі адносна.
У кожным разе, розьніца паміж барысаўскім клюбам і намі ёсьць, але не такая вялікая, як, скажам, у 2008-м.
БАЧЫНА ЛЕТАПІСУ
У старыя часы 11 лістапада звычайна ўжо не гулялі. Было запозна. У найноўшыя пачалі. Упершыню аршанцы згулялі ў гэты дзень у 2012-м, калі паехалі на выправу ў сталіцу сустрэцца зь „Мінскам-ІІ“ у ІІ лізе. Тады менчукі разграмілі Мальцаў 3:0, браму аршанцаў агадалі Кульбака, Сапон і Калавур. На здымку з той сустрэчы цяперашні галоўны трэнэр аршанцаў Дзьмітры Суздальцаў.
ЯК БЫЛО?
Юным заўзятарам у гэта складана паверыць, але „Старт“ і БАТЭ — даўныя супары. Адно што толькі цяпер процістаяньне аднаўляецца: гульняў паміж клюбамі не было 29 гадоў! Пакуль БАТЭ здабываў званьні, кубкі, мэдалі, выбіваўся на эўрапалі, аршанцы бегалі па траўніках ад І лігі ажно па першынство вобласьці. Цяпер дзякуючы лёсаваньню 1/8 фіналу Кубку краіны каманды ўспомняць старое, а налета, калі БАТЭ ўсё ж вылеціць з Вышняе лігі, блакітна-чорныя сустрэнуцца з „барысятамі“ ў каляндарным першынстве.
У старую ж пару аршанцы і барысаўчане сустракаліся вельмі часта, і цяпер цудоўная нагода гэта ўспомніць!
Кубкавая гульня паміж аршанцамі і барысаўчанамі будзе ўжо другой у гісторыі! Першай была сустрэча 9 жніўня 1976 году. 50 гадоў, 3 месяцы і 2 дні таму! Тады асноўны час завяршыўся ўнічыю 0:0, а 11-мэтровыя, на жаль, стартаўцы прабілі горш і прагулялі 4:5. У паўфінал Кубку тады яшчэ БССР прайшоў БАТЭ.
З 13 гульняў, якія правялі паміж сабою клюбы, аршанцы выгулялі толькі дзьве, і абедзьве ў 1984-м. Прайшло ўжо 42 гады.
Пра пэўныя асаблівасьці судзьдзёўства гульняў „Старту“ і бараньскага „Тэмпу“ супраць барысаўчан успамінаў у размове з намі славуты аршанскі нападнік Леанід Барэйша.
Леанід Барэйша: …а гульцы БАТЭ арбітру на полі „Як ты, казёл, судзіш?“…
Падрахунак процістаяньня „Старт“ (Ворша) — БАТЭ (Барысаў): 13 сустрэчаў, +2=2-9, 11-26
1974 Старт — БАТЭ — 0:2
1974 БАТЭ — Старт — 2:1
1976 Старт — БАТЭ — 0:2
1976 БАТЭ — Старт — 2:0
1976 Старт — БАТЭ — 0:0
1979 Старт — БАТЭ — 0:1
1979 БАТЭ — Старт — 4:1
1980 Старт — БАТЭ — 0:3
1980 БАТЭ — Старт — 1:1
1984 Старт — БАТЭ — 3:1
1984 БАТЭ — Старт — 1:4
1997 БАТЭ — Старт — 4:1
1997 Старт — БАТЭ — 0:3
ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?
Сустрэча адбудзецца на Мястовым стадыёне Воршы 11 лістапада. Час пачатку надзвычай зручны для лайдакоў — 14:30. Калі ж людзі працуюць або вучацца, гэты час у сераду — адзін з найгоршых магчымых для адказнай кубкавай гульні, якой чакаюць аршанскія заўзятары.
Рашэньне двух клюбаў пакінуць такі час пачатку паказвае, што заўзятары ў гэтым выпадку былі для іх на дзясятым месцы. Вельмі шкада. У добры час увечары серады стадыён мог бы запоўніцца (добраахвотна!) цалкам. Ну, а ў абед… Чакаць прагулаў?!





Commenti
Posta un commento