Гісторыя слонімскага ножнага шпурляку. 1929 год. Наваградзкае „Макабі“ хуліганіць у Слоніме і дома

Гісторыя ножнага шпурляку ў Слоніме, як і ў Воршы, мае шмат прагалаў. Аднак дыхтоўная праца слонімскіх дасьледнікаў дазволіла высьветліць шмат новага. Адной з важных крыніцаў паслужыла ґазэта życie nowogródzkie.



Сёньня час апублікаваць напрацоўкі слонімскіх краязнаўцаў пра 1929 год:


Пачатак сезону ў Слоніме застаўся „па-за кадрам“ — першы матч, пра які мы ведаем, адбыўся ў чэрвені. Каманду WKS 80 pp запрасілі ў Баранавічы, дзе яны саступілі мясцоваму Makabi — 4:6 (2:4). Гульня праходзіла з заўважнай перавагай гаспадароў поля. Судзіў пан Дзікоўскі (Dzikowski). У той час Баранавічы сталі лідарам у футболе ў нашым рэгіёне. Каманда 78-га пяхотнага палка дэбютавала ў „клясе А“ Віленскай акругі. Баранавіцкая Makabi ў пачатку лета адкрыла новы стадыён і згуляла на ім першы матч з той жа слонімскай камандай — WKS 80 pp. На гэты раз вайскоўцы перамаглі — 4:3 (1:1). У першым тайме Makabi меў перавагу, але забіў толькі адзін гол. У справаздачы адзначалася, што выдатна гуляў брамнік WKS 80 pp, які шмат разоў выратоўваў каманду. А пасля перапынку вайскоўцы выйшлі наперад. Ужо праз хвіліну гаспадары поля зраўніваюць лік. Але ў WKS 80 pp засталося больш сілаў, яны забіваюць два галы і фактычна здымаюць пытанне пра пераможцу. Толькі ў самым канцы гульні Makabi забівае яшчэ адзін гол з пенальці, ён на рахунку Волкіна (Wołkina). У складзе WKS 80 pp найлепшым быў вядомы нам паручнік Пятрушка (Pietruszka). Як бачым, у розныя сезоны ён гуляў за каманды і 79- га, і 80-га палкоў. Баранавіцкім заўзятарам, якіх сабралося каля 600 чалавек, слонімская каманда спадабалася. Адзначалася, што судзейства было слабое.


У канцы ліпеня ў Слоніме сустрэліся WKS і ŻKS. У справаздачы не адзначаецца, да якога палка адносіцца вайсковая каманда. Магчыма, гуляла аб’яднаная дружына. У першы дзень WKS выйграў з лікам 5:4, у другі дзень быў сапраўдны разгром — 6:1. Матчы былі цікавыя. У складзе вайскоўцаў адзначыліся Пятрушка (Pietruszko) і Адлер (Adler), у яўрэйскай камандзе — Дукес (Dukies) і Мінц (Minc). Абедзьве гульні ўпэўнена судзіў пан Любоўскі (B. Lubowski), самы вядомы слонімскі суддзя. Верагодна, ён і з’яўляўся мясцовым карэспандэнтам варшаўскай газеты „Przegląd Sportowy“. Неўзабаве ў нашым горадзе прайшоў яшчэ адзін футбольны матч — у госці да ŻKS з Баранавічаў прыехаў Makabi. Судзіў той жа Любоўскі. Госці выйгралі з лікам 3:1 (3:0). За першыя паўгадзіны яны забілі тры галы, хет-трык на рахунку Швіранскага (Szwirański). Пасля перапынку гульня выраўнялася і гаспадары забілі адзін гол — Дабкоўскі (Dobkowski). У ŻKS найлепшымі на полі былі Равіцкі II, Дукес і брамнік Вайнштэйн.


У 1929-м сустрэчы слонімскіх і баранавіцкіх футбалістаў адбываліся часта — дабірацца на матчы ў суседнія гарады было зручна. У пачатку жніўня ўжо баранавіцкі Makabi запрасіў у госці слонімскі ŻKS. Слонімцы выйгралі з лікам 2:0. У справаздачы адзначалася, што Makabi гуляў у рэзервовым складзе і нягледзячы на гэта меў перавагу, мог выйграць з разгромным лікам. Аднак атакам гаспадароў поля не хапала вастрыні, дакладных удараў. Да таго ж выдатна гуляў брамнік Вайнштэйн. Ён адбіў пенальці. ŻKS пры сярэдняй гульні ў другім тайме здолела забіць два галы і перамагчы.


У тым жа жніўні 1929-га ў Слонім прыехала з Навагрудка, цэнтра ваяводства, каманда Makabi. Матч са слонімскім ŻKS датэрмінова скончыўся ўнічыю 1:1. Справа ў тым, што пачалася бура і гульню давялося перарваць. У ŻKS найлепшымі на полі былі Равіцкі II і Міна (Mina). Праз тыдзень, таксама ў жніўні, паміж сабой гулялі слонімскія каманды ŻKS — Kraft. Першая выйграла з лікам 5:1. І гэта пры тым, што ў складзе ŻKS былі чатыры рэзервісты. У пераможцаў на полі вызначыліся Равіцкі II і Мінц (Minc), у пераможаных — Піня (Pinia). Судзіў матч і судзіў добра паручнік Пятрушка (у справаздачах 1929-га яго ўжо ні разу не назвалі Пятрашкам).


З вераснёўскіх паядынкаў нам вядомы толькі адзін. ŻKS — Kraft — 9:0. Гульня ішла ў адну браму, таму заўзятары засталіся расчараванымі. У складзе каманды Kraft найлепшым быў той жа Піня, у пераможцаў — Равіцкі II і Дабкоўскі. Судзіў паручнік Пятрушка. У першыя дні кастрычніка ў нашым горадзе прайшоў матч ŻKS — Żyrowice — 5:4. На гэты раз футбалісты парадавалі слонімскіх заўзятараў, паколькі на полі прысутнічалі барацьба і інтрыга. Яўрэйская каманда здолела рэалізаваць сваю перавагу і забіць на адзін гол больш. У ŻKS вылучаліся Равіцкі II і Закройскі II (Zakrojski II), сярод жыровіцкіх хлопцаў — Даманскі (Domański) і Мацяшчык (Maciaszczyk).


Праз два тыдні ў Слоніме сустрэліся WKS і K.S.Żyrowice. Матч скончыўся ўнічыю 2:2. „Цікавая гульня з перавагай вайскоўцаў“, — пісалі ў кароткай справаздачы. Відаць, на наступны дзень прайшоў матч-рэванш. І зноў атрымалася нічыя — 1:1. Апошнім футбольным паядынкам сезону 1929 года была сустрэча ў 20-х чыслах кастрычніка WKS і ŻKS. Яна скончылася перамогай вайскоўцаў з лікам 2:1. У WKS найлепшыя на полі Турэцкі (Turecki) і Вэбер (Weber), у ŻKS — Мінц і Баскір (Baskir). Судзіў матч маёр Зацны (Zacny).


Нам удалося рэканструяваць асноўны склад каманды ŻKS Słonim узору 1928–1929 гадоў: Вайнштэйн (Wajnsztejn), брамнік Равіцкі II (Rawicki II), нападаючы Баскір (Baskir) Закройскі II (Zakrojski II) Дабкоўскі (Dobkowski) Дукес (Dukies) Зэлкіўскі (Zelkiwski) Палец (Palec), былы гулец Kraft Капліньскі (Kapliński) Мінц (Minc) Міна (Mina)*. У гэты ж час за аб’яднаную каманду WKS Słonim, за каманды 79-га і 80-га палкоў выступалі наступныя футбалісты: Гжэсяк (Grzesiak) Шыманскі (Szymański) Турэцкі (Turecki) Вэбер (Weber) Пятрушка (Pietruszka, Pietruszko). Адлер (Adler) Паўліцкі (Pawlicki) Замора (Zamora) Даманскі (Domański)


*Ёсць верагоднасць, што ў адной з публікацый у спартыўнай прэсе адбылася памылка, таму Мінц і Міна — гэта адна асоба. Пастараемся гэта праверыць.

________

Скандальны матч 1929-га


Удалося знайсці нечаканыя падрабязнасці аднаго са згаданых матчаў. У жніўні слонімскі ŻKS (Яўрэйскі спартыўны клуб) прымаў Makabi з Навагрудка, была зафіксаваная нічыя 1:1. Гульню нібыта датэрмінова спынілі з-за буры. Аднак у „Навагрудскім кур’еры“ знайшлася карэспандэнцыя са Слоніма, прысвечаная таварыскаму паядынку, які прайшоў 10 жніўня. З яе вынікае, што госці мэтанакіравана вельмі жорстка гулялі, за што ім рабіў заўвагі суддзя пан Б. Любоўскі. Але гульцы „Макабі“ на гэта не рэагавалі. Справа ішла да бойкі, гледачы (сярод іх было шмат моладзі) пачалі пакідаць вайсковы стадыён. За 25 хвілін да фінальнага свістка суддзя спыніў паядынак. Праз два дні ў газеце была апублікаваная зацемка з пазіцыяй навагрудскай каманды. З яе вынікае, што груба сябе паводзіў толькі адзін гулец, які абразіў суддзю. Але капітан яго адправіў з поля. Заўзятары сышлі з-за залевы, а слонімскія футбалісты — пасля прызначанага ў іх браму пенальці…



Ужо 17 жніўня навагрудскае Makabi гуляла са сваімі землякамі з PKS. І зноў яўрэйскія футбалісты (як і іх заўзятары) паводзілі сябе груба, абражалі суддзю. Матч быў датэрмінова скончаны пасля таго, як на поле выбеглі заўзятары. У рэпартажы пра гэтае здарэнне згадалі паядынак у Слоніме. Быў змешчаны заклік да футбольных каманд аб’явіць навагрудскаму „Макабі“ байкот.


Нешта падобнае здарылася праз год у Баранавічах. Мясцовая „Макабі“ прымала аднаклубнікаў з Гродна. У канцы паядынку на поле выбеглі заўзятары і кіямі пачалі біць футбалістаў гасцей. Парадак навяла паліцыя. Апошняе слова засталося за слонімцамі. У чарговай зацемцы пра скандальны матч яны адрэагавалі на публікацыю з пазіцыяй „Макабі“, якая іх абурыла. Паядынак у Слоніме быў названы „брутальным“ і падкрэслівалася, што гэтая ацэнка яшчэ занадта „лагодная“. Прыводзіўся спіс футбалістаў ŻKS, якія пацярпелі падчас гульні: Rawicki J., Zelikowski R., Minc S., Dukies L., Zakrojski M. 28 верасня гулец „Макабі“ Ірма Шмулевіч ударыў у твар брамніка зборнай Навагрудка Адама Сальмановіча і той страціў прытомнасць. Матч быў спынены, пацярпелага завезлі з бальніцу, на хулігана склалі пратакол.





___________________________


📘 Папярэднія публікацыі пра гісторыю ножнага шпурляку ў Слоніме:


«...У шэрагах Баранавічаў былі некалькі гульцоў са Слоніма, пры дапамозе якіх здабылі перамогу...»

«...нападаючы WKS слонімскага быў на руках вынесены з поля ў стане непрытомным»


Гульні Слоніму і Жыровічаў


Гульні з Жыровічамі і зьяўленьне жыдоўскіх клюбаў


ŻKS дасылае здымак у ґазэту і саступае. Судзьдзя пераапранаецца ў гульца


1928 год. Сядзеньне ў Слоніме, гульні за казармамі, замоўчваньне прозьвішча судзьдзі

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

Кубак Беларусі, 1/16 фіналу. Старт (Ворша) — Дынама (Берасьце). Прадмова

Старт (Ворша) — Паперапрам (Гомель) — 0:3

Старт (Ворша) — Дынама-ІІ (Менск). Прадмова