Кубак Беларусі. 1/32 фіналу. Друць (Бялынічы) — Старт (Ворша). Прадмова

СТАНОВІШЧА НАПЯРЭДАДНІ

Нешта часта аршанцам выпадаюць два гады запар адныя й тыя ж спадужнікі. Глядзіце: у Кубках 2020/21 і 2021/22 два сэзоны запар на стадыі 1/32 фіналу мы сустракаліся з капыльскім „Будаўніком“, які на другі год ужо называўся проста „Капылём“. У абодвух выпадках удалося перамагчы — 3:1 і 4:0. У тым самым розыгрышы 2021/22 у наступнай фазе турніру блакітна-чорныя сустрэліся з „Гомлем“ і прагулялі 2:6. Налета ў той самай 1/16 зноў лёсаваньне падкінула нам „Гомель“, і тым разам аршанцы таксама вылецелі — 1:3.


І вось цяпер — у Кубку 2025/26 і 2026/27 нам двойчы трапілася бялыніцкая „Друць“. Каманда й тады, і цяпер акурат перад сустрэчай з аршанцамі ўзначальвае табліцу першынства суседняе Магілёўскае вобласьці. Штопраўда, 16 траўня „Друць“ яшчэ сустрэнецца на сваім полі „Сэрвалюкс-Агра“, пачатак а 16:00.



На мінулым тыдні абаронца „Друці“ Антон Вераб’ёў правёў 50-ы паядынак у ІІ лізе. Гуляў Антон і летась у Кубку з аршанцамі.


А гэты розыгрыш бялыніцкая дружына пачала са стадыі 1/64 фіналу, на якой сустракалася з „Горкамі“. У асноўны час была нічыя 0:0, а вось на дадатковы чырвона-сініх не хапіла — „Друць“ за паўгадзіны зьбіла горацкіх шпурляроў на горкі яблык — 5:0.


Дарэчы, колеры „Друці“ сіня-чорныя, амаль такія, як нашыя. Як удалося даведацца ад бялыніцкіх аматараў ножнага шпурляку, вэтэраны іхнае каманды сказалі, што менавіта такія колеры выкарыстоўваліся клюбам раней. Прыемна бачыць, што ў Бялынічах шануюць сваю гісторыю і выступаюць у правільных колерах. Аршанцы таксама вярнуліся да гістарычнага спалучэньня блакітнага (сіняга) з чорным.


Эпізод адной з гульняў з удзелам бялыніцкай „Друці“ ў савецкія часы


💙 Лічбы стартаўцаў у Кубку Беларусі за ўвесь час (з улікам савецкага пэрыяду): 53 сустрэчы, +18=7—28, 91-138


ІМГНЕНЬНЕ ГІСТОРЫІ

У сваёй гісторыі „Старт“ неаднаразова гуляў 20 траўня. Напрыклад, роўна 70 гадоў таму (1956) у першынстве Воршы ЗШМ разграміў „Чырвоны барацьбіт“ 6:0. У тыя гады наша каманда называлася ЗШМ (Завод швачных машынаў), але ў „ЧБ“ ня быў для нас чужым — менавіта на тым заводзе нарадзіўся клюб.




А 20 гадоў таму (2006) ў гэты дзень стартаўцы пасьпяхова зьезьдзілі ў першынстве Беларусі да „Лівадыі“ ў Койданаў. Аршанцы перамаглі 3:2. Уладзіслаў Вушынскі адкрыў лік ужо на 5-й хвіліне, Аляксандар Паповіч вызначыўся на 27-й. Але „лівадыйцы“ не зьбіраліся здавацца, да апошняга лік заставаўся нічыйным 2:2, пакуль на 90-й Мікалай Кітаёў не загнаў вырашальную кочаўку. А на 90+4 з поля выгналі абаронцу аршанцаў Васіля Дзятлава за неспартовыя паводзіны пасьля раней атрыманай жоўтай карткі.


ЯК БЫЛО?

Летась бялыніцкая і аршанская дружыны сустрэліся ўпершыню ў гісторыі. Тады аршанцы перамаглі 2:0, абодва галы правялі гульцы адной замены. Іван Ціханаў вызначыўся на 31-й хвіліне, ягоны цёзка Верас, які яго замяніў на 67-й, на 87-й ужо адсьвяткаваў галявы посьпех. Аршанцы прайшлі ў 1/16 фіналу, дзе разгромна прагулялі берасьцейскаму „Дынама“. Цяпер чакаецца другое спатканьне „Старту“ з „Друцьцю“, прычым упершыню ў Бялынічах, там у верасьні 2025 году адкрылі абноўлены стадыён. Летась каманды сустракаліся ў Магілёве. Тады гэта было 22 траўня, цяпер спаткаюцца двума днямі раней.

Статыстыка процістаяньня „Старту“ і „Друці“: 1 сустрэча, +1=0-0, 2-0


2025 Друць — Старт — 0:2


ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?

Сустрэча мае адбыцца ўжо не ў Магілёве на „Спартаку“, як летась, а ў самых Бялынічах на мескім стадыёне ў сераду, 20 траўня. Пачатак а 17:30.

Коментарі

Популярні дописи з цього блогу

Кубак Беларусі, 1/16 фіналу. Старт (Ворша) — Дынама (Берасьце). Прадмова

Старт (Ворша) — Паперапрам (Гомель) — 0:3

Аршанскі стадыён на аэраздымках часоў ІІ усясьветнай вайны