Гісторыя слонімскага ножнага шпурляку. 1930 год. Арганізацыйны зьезд „Макабі“ і таварыскія гульні

Працягваем публікаваць урыўкі дасьледчай працы пра гісторыю футболу ў Слоніме, якая некалькі гадоў таму публікавалася ў выданьні „Слонімскі край“:


1930 год. Існуе памылковае меркаванне, што ў 1930-м у Слоніме была толькі адна футбольная каманда.[1] Насамрэч, як і ў папярэднія гады, іх было больш. Нягледзячы на знікненне каманды ŻKS (Żydowski Klub Sportowy) Słonim. Яўрэйскі клуб проста далучыўся да новай спартыўнай структуры, якая з’явілася ў нашым горадзе — Makabi Słonim. „Макабі“ — гэта сусветны яўрэйскі спартыўны саюз. У той час актыўна ствараліся яго філіялы ў Заходняй Беларусі, якая была ў складзе Польшчы.



1-2 лістапада 1930 года ў Баранавічах прайшоў арганізацыйны з’езд „Макабі“ Навагрудскага ваяводства. На ім былі прадстаўлены 48 клубаў, у тым ліку і са Слоніма.[2] Makabi Słonim меў больш трывалую фінансавую базу (вядома, што быў арганізаваны збор грошай для клуба[3]), чым іншыя гарадскія яўрэйскія каманды. А гэта было важна, бо многія дружыны не мелі грошай на паездкі на матчы ў суседнія гарады.


Ёсць звесткі, што ў 1930 годзе дзве слонімскія каманды ўдзельнічалі ў першынстве Віленскай акругі (у Навагрудскім ваяводстве не было асобнага турніру) ў „клясе Б“. У ёй існавалі тры групы — віленская, лідская і баранавіцкая. У апошнюю, нібыта, і ўваходзілі WKS Słonim і ŻKS Słonim.[4] У польскіх даследчыкаў дадзеныя на гэты конт няпэўныя, яны згадваюць пад пытаннем таксама дзве з трох баранавіцкія каманды і дзве навагрудскія. І гэта не дзіўна, паколькі спартыўная прэса мала ўвагі надавала матчам „клясы Б“.


У 1930-м у нашым горадзе не было карэспандэнта, які б дасылаў зацемкі пра матчы ў той жа варшаўскі „Спартыўны агляд“ („Przeglad sportowy“). Але чытачы былі: і ў Слоніме, і ў Жыровічах. Не шмат пісалі пра слонімскі футбол і мясцовыя выданні. Першы футбольны паядынак сезону 1930 года, пра які нам вядома, адбыўся ў Слоніме ў нядзелю, 25 траўня. У горадзе праходзіла вялікае спартыўнае свята і ў яго рамках правялі матч каманды Żyrowickiej Szkoły Rolniczej і WKS Słonim. Жыровіцкія футбалісты выйгралі з лікам 4:0. У пераможцаў найлепшымі на полі былі Даманьскі (Domański) і Мацешык (Macieszyk). Паглядзець на спаборніцтвы прыйшлі каля 1000 чалавек, многія з іх назіралі за футболам. [5]


Нейкі час у 1930-м паралельна выкарыстоўваліся дзве назвы яўрэйскай футбольнай каманды — ŻKS Słonim і Makabi Słonim. Менавіта так прадстаўлялі гасцей са Слоніма ў Навагрудку. 16 жніўня на стадыёне „Сокал“ прайшоў матч двух каманд Makabi — навагрудскай і слонімскай. Судзіў пан Антоні Дрэлінг (Antoni Dreling). Гаспадары поля выйгралі з лікам 2:0.[6] У тыя ж дні прайшоў футбольны матч у Слоніме. Гулялі каманды Маkabi I-b і RKS. З дзіўнай назвы першай каманды можна зрабіць выснову, што ў яе было некалькі складаў. Што да другой, то ў папярэднія гады згадак пра яе не было. Верагодна, гэта быў Robotniczy Klub Sportowy (RKS). Матч, які судзіў пан Любоўскі (Lubowski), выйграў Makabi — 3:1. Найлепшымі ў больш тэхнічных пераможцаў былі Равіцкі II (Rawicki II) і Закрайскі II (Zakrajski II), у RKS — Свіцлыцкі ці Свелыцкі (Świclycki / Świelycki) і Буф (Buf).[7]

Як бачым, гэта былі таварыскія паядынкі. У нарысе пра гісторыю яўрэйскага спорту ў Слоніме адзначаецца, што такія гульні паміж слонімскімі камандамі праходзілі штотыдзень на гарнізонным стадыёне ў раёне цяперашняй вуліцы Чарняхоўскага. У іх удзельнічалі тры яўрэйскія каманды, адна вайсковая, каманда польскіх чыноўнікаў, каманда з Жыровічаў (памылкова сцвярджаецца, што гэта былі праваслаўныя семінарысты, насамрэч — навучэнцы сельскагаспадарчай школы). Прыходзіла 300-400 балельшчыкаў.[8]


Спасылкі: [1] Будай А. Спорт в Западной Беларуси в начале ХХ века // Советская Белоруссия, 2000, 23 лістапада. [2] Kronika żydowska // Przeglad sportowy, 1930, № 88, 1 лістапада. [3] Żydowskie życie sportowe w Słonimie // http://shtetlroutes.eu/pl/ zydowskie-zycie-sportowe-wslonimie/ [4] https://pl.wikipedia. org/wiki/Okr%C4%99gowe_ rozgrywki_w_pi%C5%82ce_ n o % C 5% BCnej _ woj. _ wile%C5%84skiego_(1930) [5] Zawody sportowe w Słonimie // Życie Nowogródzkie, 1930, № 125, 31 траўня. [6] Mecz piłki nożnej // Zycie Nowogródzkie, 1930, № 187, 14 жніўня; Wczorajszy mecz // Zycie Nowogródzkie, 1930, № 189, 17 жніўня. [7] Ziemie Wschodnie // Przeglad sportowy, 1930, № 66, 16 жніўня. [8] Żydowskie życie sportowe w Słonimie…


___________________________


📘 Папярэднія публікацыі пра гісторыю ножнага шпурляку ў Слоніме:


«...У шэрагах Баранавічаў былі некалькі гульцоў са Слоніма, пры дапамозе якіх здабылі перамогу...»

«...нападаючы WKS слонімскага быў на руках вынесены з поля ў стане непрытомным»


Гульні Слоніму і Жыровічаў


Гульні з Жыровічамі і зьяўленьне жыдоўскіх клюбаў


ŻKS дасылае здымак у ґазэту і саступае. Судзьдзя пераапранаецца ў гульца


1928 год. Сядзеньне ў Слоніме, гульні за казармамі, замоўчваньне прозьвішча судзьдзі


Гісторыя слонімскага ножнага шпурляку. 1929 год. Наваградзкі „Макабі“ хуліганіць у Слоніме і дома

Commenti

Post popolari in questo blog

Кніга „На ‚Старт’ і ў ‚Тэмпе’! Ножны шпурляк на Аршаншчыне“! Дзе купіць?

Слонім — Старт (Ворша). Прадмова

Грошы і Ворша. Архівы пра грошы ў аршанскім ножным шпурляку